Паспяховы запуск Беларускай незалежнай кінаакадэміі адбыўся 17 лютага на Еўрапейскім кінарынку Berlinale. Зала ў Martin Gropius Bau, у самым сэрцы EFM, была поўная наведнікаў. Каманду заснавальнікаў акадэміі падтрымалі некалькі прэстыжных арганізацыяў ды іх прадстаўнікі са сферы культуры і кіно.
Асабіста павіншавалі Беларускую незалежную кінаакадэмію федэральная міністарка культуры і медыяў Нямеччыны Кляўдыя Рот, выканаўчая дырэктарка Berlinale Марыетэ Рысэнбээк, генеральны дырэктар Еўрапейскай кінаакадэміі Матэйс Ваўтэр Кнол і выканаўчая дырэктарка German Films Зымонэ Баўман. Кожны з іх публічна прапанаваў падтрыманне нядаўна заснаванай Кінаакадэміі.
Матэйс Ваўтэр Кнол афіцыйна абвясціў, што Беларуская незалежная кінаакадэмія сёлета стане першым новым сябрам Асацыяцыі еўрапейскіх кінаакадэміяў. У сваёй рашучай прамове Кляўдыя Рот адзначыла: «Мы не павінны дапусціць, каб Беларусь была забытая. Я думаю, гэта вельмі важны крок наперад, што будзе створаная Беларуская незалежная кінаакадэмія. У ёй кінематаграфісты ў выгнанні атрымаюць аснову для сваёй працы і перспектыву на ўсё жыццё. Найшчыра спадзяюся, што гэтая ініцыятыва будзе паспяховая».
Пазней на імпрэзе былі прэзентаваныя 10 беларускіх кінапраектаў на стадыі распрацоўвання. Аўтары паказалі захопленай аўдыторыі ды прысутнай прэсе свае ігравыя і дакументальныя фільмы: стужкі сузаснавальнікаў Кінаакадэміі Аляксея Палуяна, Дар'і Жук, Андрэя Куцілы, Волі Чайкоўскай, а таксама запрошаных рэжысёраў Мары Тамковіч, Сашы Кулак, Улады Сяньковай, Ксеніі Галубовіч, Мікіты Лаўрэцкага і Марты Верас.
Акадэмія заявіла пра жаданне абʼяднаць незалежных беларускіх кінематаграфістаў як у выгнанні, гэтак і ўнутры краіны ды стварыць магутную платформу для падтрымання кінапраектаў сваіх сябраў, дапамагаючы з фінансаваннем, пошукам партнёраў, запускам фестываляў і г. д.
У групу заснавальнікаў уваходзяць рэжысёры Дарʼя Жук, Аляксей Палуян і Андрэй Куціла, прадзюсарка, рэжысёрка і дырэктарка кінафестывалю «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская, старшы праграміст і кансультант Ігар Сукманаў, кінакрытык Ірэна Кацяловіч. Каманда таксама зарганізавала працу стэнду Беларускай незалежнай кінаакадэміі на другой пляцоўцы EFM – у гатэлі Marriott. Удзел Беларусі ў імпрэзе Еўрапейскага кінарынку аказаўся самым актыўным за ўсе гады існавання Berlinale.