Мы, беларускія кінематаграфісты, заяўляем пра стварэнне Беларускай незалежнай кінаакадэміі.
Ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу і крызісу правоў чалавека, якія разгарнуліся ў нашай краіне, мы не хочам заставацца маўклівымі назіральнікамі злачынстваў уладаў Беларусі.
Рэжым не толькі пераследуе палітычных апанентаў, удзельнікаў мірных пратэстаў і ўсіх, хто якім-кольвек чынам выказвае сваю з ім нязгоду. Ён таксама знішчае незалежныя арганізацыі ды грамадскія ініцыятывы. Сярод зліквідаваных уладамі аб’яднанняў – і скіраваныя на падтрыманне ды развіццё беларускай культуры, а значыць, і кіно. Адначасова рэжым робіць усё больш адкрытыя захады для знішчэння беларускай мовы і замяшчэння яе расейскаю.
У выніку беларускія кінематаграфісты вымушаныя з’язджаць з краіны. Частка з іх уцякае праз пераслед, рызыку трапіць у турму і зазнаць катаванні. Але шмат хто з творцаў з’язджае і праз тое, што ў краіне больш не засталося незалежнай культуры, а незалежнае аўтарскае выказванне сталася немагчымым.
Гэтак сама, як вайною ўладаў Беларусі супраць уласнага народу, мы абураныя іх суўдзелам у сапраўднай вайне Расеі супраць Украіны. Беларуская незалежная кінаакадэмія падтрымлівае Украіну ды ўкраінскі народ у барацьбе за свабоду і супраць расейскай акупацыі. У лютым 2022 года беларуская кінасупольнасць публічна выступіла супраць расейскай ваеннай агрэсіі ў дачыненні Украіны: заяву з асуджэннем дзеянняў Расеі падпісалі больш за 130 беларускіх кінематаграфістаў.
Мы лічым злачынную ўладу Беларусі нелегітымнай, а значыць, не надзеленаю правам рэпрэзентаваць беларускі народ і дзеяць ад імя беларусаў – у тым ліку ў кіно. Менавіта таму мы яднаемся, каб голасам беларускай кінасупольнасці былі незалежныя кінематаграфісты. Нашая прынцыповая пазіцыя – адмова ад супрацы з дзяржаўнымі структурамі. Мы лічым непрымальным пры сённяшняй уладзе ў Беларусі ствараць кіно за дзяржаўны кошт і тым самым спрыяць ідэалогіі таталітарнай дзяржавы. Але мы падтрымліваем фільммэйкераў, якія застаюцца ў краіне і працягваюць працу ў незалежным кінематографе нават пад ціскам страху пераследу.