Навіны
Словы падтрымання Агнешцы Голянд
5 каст 2023
Мы хочам выказаць рашучае падтрыманне Агнешцы Голянд, чые працы ў кіно дзесяцігоддзямі выступалі супраць нянавісці, агаляючы карані зла ў грамадстве і змагаючыся за ідэалы гуманізму, за міжасобасныя суперажыванне і свабоду, а таксама раскрываючы часта балючыя сацыяльныя праблемы. Адна з важных задачаў кінематографу – свабодна выказвацца наконт сацыяльных пытанняў, часта крытычна і некамфортна. Відавочна, значная частка польскага палітычнага кіраўніцтва схіляецца да адмовы ад гэтага сацыяльнага дыялогу. Больш за тое, яно выкарыстоўвае сродкі, якіх мы не бачылі ў дэмакратычнай Еўропе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Гэта не проста атака на асобу, гэта атака на незалежнасць культуры і свабоду слова.

Беларуская незалежная кінаакадэмія ўдзячная Агнешцы Голянд за паслядоўнае падтрыманне беларусаў у нашай барацьбе з рэжымам Лукашэнкі.

Беларуская незалежная кінаакадэмія асуджае такія паводзіны і лічыць іх абсалютна непрымальнымі. Мы заклікаем неадкладна спыніць кампанію ачарнення і асабістых абразаў на адрас Агнешкі Голянд. Гэта небяспечная атака не толькі супраць яе як асобы, але і супраць свабоды мастацкага самавыяўлення, аднаго са слупоў еўрапейскай культуры і важнага сродку сацыяльнага дыялогу.