Навіны
Беларуская незалежная кінаакадэмія арганізуе пітчынг на Еўрапейскім кінарынку Berlinale
1 лют 2024
Пітчынг беларускіх кінапраектаў адбудзецца 16 лютага ў межах Еўрапейскага кінарынку 74-га Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. Для ўдзелу былі адабраныя 7 праектаў ігравога, дакументальнага і анімацыйнага поўнаметражнага кіно на розных этапах працы. Да EFM аўтараў будуць рыхтаваць запрошаныя кінаакадэміяй эксперты з Фінляндыі і Італіі Леэна Пасанэн і Стэфана Тэальдзі.


На ўдзел у пітчынгу ў межах Еўрапейскага кінарынку Беларуская незалежная кінаакадэмія атрымала больш за 40 заявак з праектамі поўнаметражных фільмаў. Сузаснавальнікі кінаакадэміі Ірэна Кацяловіч і Ігар Сукманаў выбралі з іх 7. Мадэраваць пітчынг будзе дырэктарка «goEast» – Фестывалю кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Гэлеэн Хэрытсэн.


У пітчынгу возьмуць удзел праекты «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Максіма Птушкіна, «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, «Гарышчы для галубоў» Марты Верас, «Каб лёгка з’язджалі і добра вярталіся» Сашы Кулак, «Паляванне» Надзеі Якімовіч, «Абуджэнне» Вікторыі Шнайдэр, «Паўночнае ззянне» Юліі Паграбняк.


Сярод адабраных – 4 ігравыя, 2 дакументальныя і 1 анімацыйны праект пачаткоўцаў і спрактыкаваных рэжысёраў, ад тых, што пакуль уяўляюць сабою толькі сцэнар, да гатовага кіно. Да пітчынгу і ўдзелу ў Еўрапейскім кінарынку аўтараў будуць рыхтаваць запрошаныя ментары Леэна Пасанэн і Стэфана Тэальдзі. Сярод іхных заданняў – разам з фільммэйкерамі прапрацаваць выступ на пітчынгу, зарганізаваць сустрэчы з прадстаўнікамі міжнароднай індустрыі кіно, навучыць дзеяць на кінарынку самастойна.


«Пітчынг на Еўрапейскім кінарынку, мы спадзяёмся, дапаможа аўтарам адабраных праектаў знайсці партнёраў і аднадумцаў ды зрабіць сур’ёзныя крокі ў рэалізацыі ідэяў. Для нас істотна, каб беларускія фільммэйкеры мелі больш магчымасцяў на міжнародных пляцоўках, і прафесіяналы Леэна Пасанэн і Стэфана Тэальдзі дапамогуць ім працаваць яшчэ больш эфектыўна», – кажуць у бордзе кінаакадэміі.


Пітчынг станецца працягам удзелу Беларускай незалежнай кінаакадэміі ў EFM: летась на пляцоўцы кінарынку адбылася прэзентацыя як самой інстытуцыі, гэтак і 10 беларускіх кінапраектаў у працы. Гэтым разам у гатэлі Marriott на Еўрапейскім кінарынку зноў будзе працаваць стэнд Беларускай незалежнай кінаакадэміі.


Калі ласка, запоўніце форму, каб трапіць у спіс гасцей!


Сёлетні ўдзел кінаакадэміі ў EFM адбываецца пры падтрыманні Эстонскага агенцтва міжнароднай супрацы ў сферы развіцця – ESTDEV, German Marshall Fund, а таксама інфармацыйнай падтрымцы German Films.


***


Леэна Пасанэн – незалежная кінаэкспертка, кансультантка і т’ютарка. З 2015 да 2019 года працавала кіраўніцай і фестывальнаю дырэктаркаю DOK Leipzig. Леэна была сталаю эксперткай і рэпетытаркаю на некалькіх навучальных праграмах і рынках, напрыклад, Documentary Campus, EsoDoc, WEMW і EAVE, а таксама сябрам журы на некалькіх міжнародных фестывалях, сярод іншых – Sundance і IDFA.


Стэфана Тэальдзі – прадзюсар, рэжысёр, эксперт у галіне кіно, кансультант. Ён распрацоўвае, прадзюсуе і рэжысуе дакументальныя фільмы, дакументальныя серыялы і поўнаметражныя драмы, а таксама ён т’ютар на Biennale Cinema College Venice, Amman Film Industry, Attagirl, Cannes Docs, Documentary Campus, ESoDoc, La Fabrique Cinémas – Institute Francais, Factory, Films de 3 Continents – Produire au Sud, Imagination – Arab Film Scriptwriting, Jump In – Poitiers FF, Ouga Film Lab, Red Sea Lodge, TFL-Torino Film Lab, Scuola Holden, ZELIG Film School.


Гэлеэн Хэрытсэн – прадзюсарка, рэжысёрка, дырэктарка «goEast» – Фестывалю кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Працавала ў якасці прадзюсаркі для такіх кампаніяў і тэлетранслятараў, як ARTE, ZDF, VPRO і SWR. У 2009-м зняла свой першы поўнаметражны дакументальны фільм і стварыла ўласную прадзюсарскую кампанію. Была дырэктаркаю Еўрапейскага фестывалю дакументальнага кіно «dokumentART» у Нойбрандэнбурзе. З 2017 года ўзначальвае «goEast» – Фестываль кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Гэлеэн – сябра-заснавальніца Асацыяцыі дакументальных фільмаў Еўропы і сябра Еўрапейскай кінаакадэміі.