Навіны
Беларускія незалежныя кінематаграфісты адкрылі індустрыйную праграму на DOK Leipzig
9 каст 2023

Індустрыйная праграма DOK Leipzig адкрылася 9 кастрычніка з удзелам прадстаўнікоў Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Сузаснавальнікі ўзялі ўдзел у панэльнай дыскусіі «Перамешчаныя дыктатурай і вайною: беларускія незалежныя кінематаграфісты ў Еўропе». Мэтаю было прыцягнуць увагу да беларускіх дакументалістаў у выгнанні на фоне абвастрэння палітычнага клімату ў краіне і абмежаванняў свабоды творчасці.


Дыскусія адбылася пры ўдзеле Беларускай незалежнай кінаакадэміі і праліла святло на актуальны стан беларускага незалежнага дакументальнага кіно. Разглядаліся праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія кінематаграфісты-дакументалісты ў выгнанні і тыя, хто ўсё яшчэ жыве і працуе ў краіне, а таксама абмяркоўвалася, як падтрымаць беларускіх калегаў з дапамогаю фінансавання, фестываляў і партнёрскіх стасункаў з еўрапейскімі кінаінстытутамі.


Сярод удзельнікаў дыскусіі былі кінапрадзюсарка, рэжысёрка і заснавальніца фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская; кінарэжысёр Андрэй Куціла («Калі кветкі не маўчаць»); кінакрытык, культурніцкая аглядальніца і журналістка Ірэна Кацяловіч; каардынатарка фестывалю Юлія Самайлоўскіх; аператар Сяргей Кавалёў і нямецкая рэжысёрка Юльянэ Тутэйн. Люі Бадэмон (Les Steppes Productions) далучыўся ў якасці мадэратара, каб абмеркаваць, як падтрымаць беларускіх дакументалістаў у выгнанні. У хадзе дыскусіі прэзентавалі кінаакадэмію, адзначылі гісторыю яе заснавання, мэты, выклікі, над чым акадэмія працуе цяпер і як міжнародная кінасупольнасць можа падтрымаць ініцыятыву.