Навіны
Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) падпісала дакумент аб заснаванні Федэрацыі кінаакадэмій Еўропы (FACE)
16 ліп 2024
Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) падпісала ў Люксембурзе дакумент аб заснаванні Федэрацыі кінаакадэміяў Еўропы (FACE). BIFA афіцыйна рэпрэзентуе Беларусь у Федэрацыі і ёсць адным з 21-го сябра-заснавальніка новай агульнаеўрапейскай арганізацыі. Сярод іншых арганізацыяў-заснавальніц – Еўрапейская кінаакадэмія, Дацкая кінаакадэмія, Кінаакадэмія Люксембургу, Аўстрыйская кінаакадэмія, Украінская кінаакадэмія і іншыя. Пасля падпісання дакументу больш краін звярнуліся ў FACE з просьбай аб уступленні.

Мэта Федэрацыі кінаакадэміяў Еўропы (FACE) – фармалізаваць адносіны паміж кінаакадэміямі, аб’яднацца для прадстаўлення агульных інтарэсаў і супрацы, падвысіць бачнасць еўрапейскага кіно. 

«Як сетка кінаакадэміяў, мы выраслі за апошнія 18 гадоў. Усё больш і больш, і асабліва пасля пандэміі COVID, мы становімся сведкамі таго, як шмат у нас агульнага і наколькі карысна для ўсіх нас абменьвацца досведам і аб'ядноўваць намаганні, – кажа Матэяш Вутэр Кноль, сябра кіраўніцтва новай федэрацыі і генеральны дырэктар Еўрапейскай кінаакадэміі. – Захапляльна пачаць гэты новы раздзел стварэннем Федэрацыі. Ажыўленне супрацы ў Еўропе вельмі важна ў час, калі актуальнасць культурнай палітыкі і падтрыманне еўрапейскага кіно ставяцца пад адкрыты сумнеў».

Ян Тонар, прэзідэнт Люксембургскай кінаакадэміі і старшыня кіраўніцтва Федэрацыі, заяўляе: «Федэрацыя – гэта кола культурнай салідарнасці, якое цягнецца па ўсім кантыненце, аб'ядноўваючы нашыя разнастайныя і ўнікальныя галасы ў кіно, каб іх можна было пачуць і ўбачыць усюды, дзе гэта неабходна. Люксембург мае гонар быць базай гэтай натхняльнай новай Федэрацыі».

Пад эгідай новай Федэрацыі еўрапейскія кінаакадэміі будуць разам прэзентаваць свае агульныя інтарэсы і аб'ядноўваць спектр працы, якую яны выконваюць для розных галінаў кінаіндустрыі. Важнай часткай працы Федэрацыі будзе лабіяванне з еўрапейскімі і нацыянальнымі палітыкамі, каб гарантаваць, што еўрапейскае кіно па-ранейшаму разглядаецца як важная культурная каштоўнасць і як істотны эканамічны фактар. Таксама важнымі аспектамі стануць кінаадукацыя, пашырэнне сяброўства і праекты кінаспадчыны, у якіх устойлівасць, разнастайнасць і залучанасць ёсць ключавымі элементамі. Федэрацыя хоча, каб праца кінаакадэміяў лічылася неадымнай часткай любой еўрапейскай палітыкі ў галіне кіно. Агулам новая федэрацыя аб'ядноўвае каля 20 тысяч чалавек.

Новая структура дазволіць акадэміям супольныя і больш узгодненыя дзеянні на еўрапейскай і міжнароднай арэне.

«BIFA атрымала запрашэнне Еўрапейскай кінаакадэміі і Люксембургскай кінаакадэміі ўвайсці ў склад устаноўчай рады Федэрацыі, – кажа сузаснавальніца BIFA і сябра кіраўніцтва Воля Чайкоўская, якая падпісвала дакумент ад імя Беларускай незалежнай кінаакадэміі, – Падпісанне дакументу Беларускай незалежнай кінаакадэміяй – гэта вялікі крок наперад у прызнанні беларускага незалежнага кіно ў Еўропе, а таксама пашырэнне магчымасцяў для развіцця беларускіх кінематаграфістаў у выгнанні».

СЯБРЫ-ЗАСНАВАЛЬНІКІ ФЕДЭРАЦЫІ

- Аўстрыя: Akademie des Österreichischen Films (Austrian Film Academy)

- Беларусь: Беларуская незалежная кiнаакадэмiя (Belarusian Independent Film Academy)

- Бельгія: Académie André Delvaux (André Delvaux Academy)

- Каталонія: Acadèmia del Cinema Català (Catalan Film Academy)

- Чэхія: Česká filmová a televizní akademie (Czech Film and Television Academy)

- Данія: Danmarks Film Akademi (Danish Film Academy)

- Еўрапейская кінаакадэмія

- Нямеччына: Deutsche Filmakademie (German Film Academy)

- Грэцыя: Ελληνική Ακαδημία Κινηματογράφου (Hellenic Film Academy)

- Ісландыя: Íslenska kvikmynda- og sjónvarpsakademían (Icelandic Film and Television Academy)

- Ізраіль: האקדמיה הישראלית לקולנוע וטלוויזיה (Israel Academy of Film and Television)

- Італія: Accademia del Cinema Italiano (Italian Academy of Cinema)

- Люксембург: d'Filmakademie (Luxembourg Film Academy)

- Нідэрланды: DAFF (Dutch Academy for Film)

- Нарвегія: Norsk Filmforbund (Norwegian Film Academy)

- Польшча: Polska Akademia Filmowa (Polish Film Academy)

- Партугалія: Academia Portuguesa de Cinema (Portuguese Academy of Cinema)

- Славаччына: Slovenská filmová a televízna akadémia (Slovak Film and Television Academy)

- Іспанія: Academia de las Artes y las Ciencias Cinematográficas de España (Spanish Academy of Cinematic Arts and Sciences)

- Швейцарыя: Schweizer Filmakademie / Académie du Cinéma Suisse / Accademia del Cinema Svizzero (Swiss Film Academy)

- Украіна: Українська Кіноакадемія (Ukrainian Film Academy)