Адзіны беларускі незалежны тэлеканал “Белсат” – не толькі культавая з’ява ў інфармацыйнай барацьбе за дэмакратычную Беларусь. Ён гэтаксама важны для беларускага кіно.
Сістэматычная праца каманды “Белсату” з напрамкам кіно дапамагла захаваць у выглядзе фільмаў сотні аспектаў беларускай рэчаіснасці, а таксама дала магчымасць рэалізаваць свае кінапраекты дзясяткам беларускіх аўтараў, у тым ліку лаўрэатам прэстыжных міжнародных кінафестываляў. Гэтыя кінапраекты, як і інфармацыйная прадукцыя “Белсату”, дапамагалі прасоўваць у Беларусі дэмакратычныя каштоўнасці і фармаваць свабодны ад прапаганды светапогляд, а таксама задавольвалі прагу беларусаў да праўдзівай карціны свету.
Драматычна ўсведамляць, што польская дзяржава, якая ўсе гэтыя гады па-сяброўску падтрымлівае “Белсат” як інструмент “мяккай сілы” ў сваёй замежнай палітыцы, зрабіла для беларускага незалежнага кіно ў разы больш, чымся сама беларуская дзяржава. На жаль, фінансаванне кінавытворчасці з бюджэту лукашэнкаўскай Беларусі за рэдкімі выключэннямі вылучаецца толькі прадзяржаўнай Нацыянальнай кінастудыі, у тым ліку на скіраванае супраць Польшчы прапагандысцкае кіно.
І беларускі, і расейскі дыктатарскія рэжымы выкарыстоўваюць увесь арсенал сродкаў, каб заглыбіць беларусаў у “русский мир” і пазбавіць іх волі да змагання за свае – еўрапейскія – каштоўнасці. На тэрыторыі Беларусі адбываецца паўнавартасная, брутальная і беспрынцыповая інфармацыйная вайна. Больш за тое, краіна цяпер на парозе вайны рэальнай, і ў тым, на якім цывілізацыйным баку Беларусь у выніку застанецца, ужо сёння вялікую ролю адыгрываюць незалежныя медыі і незалежнае кіно.
Усе гады дыктатуры ў Беларусі Польшча застаецца хіба галоўным партнёрам, з якім рэжысёры здымаюць кіно для вольных беларусаў, захоўваючы іх у кантэксце дэмакратычнай Еўропы. Гэтая падтрымка працягваецца і сёння – у выглядзе грантаў, дафінансавання і фінансавання кінапраектаў ды падзеяў сферы кіно. Найвялікшая частка беларускіх кінематаграфістаў, вымушаных з’ехаць з краіны пасля масавых пратэстаў 2020 года, сёння менавіта ў Польшчы: мы ўдзячныя за падстаўленае плячо.
Такія жэсты польскай дзяржавы, як шматгадовая падтрымка “Белсату”, аб’ядноўваюць прыхільнікаў дэмакратычнай Беларусі ў вялікую сілу, дапамагаюць беларусам ператрываць “самыя цёмныя гадзіны перад світаннем” і становяцца разбуральнымі ўдарамі па намаганнях лукашэнкаўскай дыктатуры схіліць людзей на свой бок.
Мы, сябры Беларускай незалежнай кінаакадэміі, выказваем салідарнасць з “Белсатам” на фоне трывожных навінаў датычна будучага існавання тэлеканалу і заклікаем польскія ўлады захаваць “Белсат”, а таксама самастойнасць тэлеканалу. На наш погляд, “Белсат” можа быць функцыянальным, а таксама быць голасам вольных беларусаў толькі ў форме самастойнай структуры. Ужо некалькі месяцаў мінула ад абвяшчэння пра аб’яднанне “Белсату” ў адну структуру з TVP World, і за гэты час усё больш зразумелым становіцца, што будучыні ў беларускай незалежнай журналістыкі і незалежнага кіно ў новай структуры не будзе.
Нас непакоіць будучае інфармацыйнае поле Беларусі, а таксама ўсходнееўрапейскага рэгіёну, без “Белсату” і яго праектаў. У часе ўсё больш моцнай і агрэсіўнай беларускай ды расейскай прапаганды аслабіць, а тым больш згубіць “Белсат” было б скрышальна. У часе бесчалавечных рэпрэсіяў у Беларусі і шырокай інфармацыйнай вайны дыктатараў супраць Захаду прайграць тэлеканал на карысць лукашэнкаўскаму рэжыму можа быць катастрафічнаю памылкаю.
Мы ў Беларускай незалежнай кінаакадэміі верым у стваральны патэнцыял праўды і мастацтва. “Белсат” гадамі распаўсюджвае гэтыя каштоўнасці і захоўвае беларусаў у кантэксце дэмакратычнай Еўропы.
Хай заўсёды будуць праўда і кіно! У Беларусі яны патрабуюць “Белсату”.