Навіны
Беларуская незалежная кінаакадэмія збірае праекты для чарговага пітчынгу на Еўрапейскім кінарынку «Берлінале»
30 каст 2024
Беларуская незалежная кінаакадэмія запрашае рэжысёраў дасылаць свае кінапраекты на розных стадыях працы ў якасці заявак на ўдзел у чарговым пітчынгу для міжнароднай кінасупольнасці. Падзея мае адбыцца ў межах Еўрапейскага кінарынку 75-га Берлінскага міжнароднага кінафестывалю ў лютым 2025 года. З дасланых заявак да пітчынгу будуць адабраныя да дзесяці ўдзельнікаў.

Гэта будзе ўжо трэці запар Еўрапейскі кінарынак «Берлінале», дзе прэзентуюцца кінапраекты незалежных беларускіх фільмэйкераў у пошуку партнёраў і фінансавання. Мэта BIFA – сабраць праекты ігравых, дакументальных, анімацыйных поўнаметражных фільмаў, якія паводле фармату і амбіцыяў маюць на мэце развіццё ў міжнароднай кінаіндустрыі ды патрабуюць для гэтага падтрымання, таксама разглядаюцца праекты гібрыдных жанраў.

Падзея на «Берлінале» запланаваная ў фармаце пітчынґу перад прафесіяналамі кінаіндустрыі, прадстаўнікамі міжнародных кінаінстытуцыяў ды кінафестываляў. Да выступу ўдзельнікаў зноў будуць рыхтаваць эксперты з Фінляндыі і Італіі Леэна Пасанэн і Стэфана Тэальдзі. Яны ж далучацца да сябраў борду кінаакадэміі Ірэны Кацяловіч і Ігара Сукманава, каб адабраць праекты да ўдзелу ў пітчынґу.

Упершыню такая імпрэза адбылася на EFM летась, на гэтай жа пляцоўцы ў 2023 годзе прэзентавалі дзесяць праектаў беларускіх фільммэйкераў разам з новастворанаю Беларускаю незалежнаю кінаакадэміяй. Свае ідэі на падзеях BIFA на Еўрапейскім кінарынку прэзентавалі такія рэжысёры і рэжысёркі, як Мара Тамковіч, Аляксей Палуян, Дар’я Жук, Андрэй Куціла, Саша Кулак ды іншыя.

Каб падаць заяўку на ўдзел у пітчынгу, трэба да 15 лістапада запоўніць адмысловую форму па-беларуску і па-англійску.