Навіны
Адабраныя ўдзельнікі пітчынгу беларускіх кінапраектаў на Еўрапейскім кінарынку Berlinale
13 снеж 2024
На Еўрапейскім кінарынку 75-га Берлінскага міжнароднага кінафестывалю будуць прэзентаваныя 10 праектаў поўнаметражных фільмаў беларускіх аўтараў. Пітчынг на EFM для міжнароднае кінасупольнасці ўжо другі раз ладзіць Беларуская незалежная кінаакадэмія. Падзея адбудзецца 15 лютага 2025 году ў галоўным будынку Еўрапейскага кінарынку – Martin Gropius Bau.

Адбор кінапраектаў ажыццяўлялі сузаснавальнікі BIFA Ірэна Кацяловіч і Ігар Сукманаў супольна з экспертамі з Фінляндыі і Італіі Леэнай Пасанэн і Стэфана Тэальдзі. Да ўдзелу адабраныя 9 праектаў ігравых фільмаў і 1 праект дакументальнага:

“Жнівень” Нэлы Агрэніч (ігравы фільм, драма),
“Краіна ўцех” Аляксандры С. і Міхала Мешчыка (ігравы фільм, заснаваная на рэальных падзеях драма),
“Лебядзіная песня Фёдара Озерава” Юрыя Сямашкі (ігравы фільм, драмедыя),
“Lithuania Minor” Арцёма Лобача (дакументальны фільм),
“Суд мёртвых” Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя (ігравы фільм, хорар, камедыя),
“Суперпазіцыя” Марыі Пташкі (ігравы фільм, драма, камедыя, абсурд),
“Tamka 9” Улады Сяньковай, (ігравы фільм, драма).

Аўтары яшчэ трох праектаў ігравых фільмаў возьмуць удзел у пітчынгу ананімна для публічнае камунікацыі: гэта праекты “Праўда” (драма, трылер), “Раны і ўпрыгожванні” (фэнтезі-барока, драма), “Сфагнум” (сюррэалістычная трагікамедыя). Леэна Пасанэн і Стэфана Тэальдзі, як і летась, будуць рыхтаваць удзельнікаў да пітчынгу і дапамогуць найбольш эфектыўна працаваць на Еўрапейскім кінарынку. 

У межах будучага EFM працягне працу стэнд Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Чарговы ўдзел кінаакадэміі ў Еўрапейскім кінарынку адбываецца пры падтрыманні фонду Trzy Trąby, інстытуцыяў Goethe-Institut і German Films.

***

Леэна Пасанэн – незалежная кінаэкспертка, кансультантка і т’ютарка. З 2015 да 2019 году працавала кіраўніцай і фестывальнаю дырэктаркаю DOK Leipzig. Леэна была сталаю эксперткай і рэпетытаркаю на некалькіх навучальных праграмах і рынках, напрыклад, Documentary Campus, EsoDoc, WEMW і EAVE, а таксама сябрам журы на некалькіх міжнародных фестывалях, сярод іншых – Sundance і IDFA.


Стэфана Тэальдзі – прадзюсар, рэжысёр, эксперт у галіне кіно, кансультант. Ён распрацоўвае, прадзюсуе і рэжысуе дакументальныя фільмы, дакументальныя серыялы і поўнаметражныя драмы, а таксама ён т’ютар на Biennale Cinema College Venice, Amman Film Industry, Attagirl, Cannes Docs, Documentary Campus, ESoDoc, La Fabrique Cinémas – Institute Francais, Factory, Films de 3 Continents – Produire au Sud, Imagination – Arab Film Scriptwriting, Jump In – Poitiers FF, Ouga Film Lab, Red Sea Lodge, TFL-Torino Film Lab, Scuola Holden, ZELIG Film School.