Навіны
Кінаэксперты і фільммэйкеры склалі спіс 50 найлепшых беларускіх фільмаў за ўсю гісторыю
17 снеж 2024
Рэйтынг найлепшых беларускіх фільмаў за ўсю гісторыю склалі кінаэксперты і дзейныя фільммэйкеры з ініцыятывы Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA). Спіс падрыхтавалі да 100-годдзя беларускага кіно, што адзначаюць сёлета 17 снежня.

У спіс найлепшых беларускіх фільмаў увайшлі 50 стужак, агулам жа ў індывідуальных спісах экспертаў згаданыя 174 карціны. У фармаванні рэйтынгу ўзялі ўдзел 49 асобаў. Такім чынам гэта найбольш шырокае апытанне, якое дасюль праводзілася на гэтую тэму, з пункту гледжання як рэпрэзентацыі фільмаў, гэтак і колькасці экспертаў.

50 стужак, якія набралі найбольшую колькасць галасоў, размешчаныя на сайце BIFA – разам з сінопсісамі, фестывальнымі гісторыямі фільмаў і каментарамі экспертаў. Тут жа можна знайсці індывідуальныя спісы кожнага з удзельнікаў апытання: у ім узялі ўдзел беларускія рэжысёры, кіназнаўцы, фестывальныя арганізатары, а таксама замежныя прафесіяналы сферы.

Першае месца ў рэйтынгу заняла антываенная драма «Ідзі і глядзі» Элема Клімава супольнай вытворчасці савецкіх кінастудыяў «Беларусьфільм» і «Масфільм», за якую прагаласавалі 26 рэспандэнтаў. З мінімальным адрывам на другім месцы размясцілася індзі-карціна «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі, што набрала 24 галасы. Стужку знялі ўжо ў незалежнай Беларусі, яна, як і «Ідзі і глядзі», паказвае партызанскі рух часу Другой сусветнай вайны, але з альтэрнатыўнай перспектывы.

З 50 фільмаў, прызнаных найлепшымі, 30 знятыя пасля распаду СССР. Паводле крытэраў, у рэйтынг маглі быць залучаныя фільмы, знятыя беларусамі (паводле самаідэнтыфікацыі) у любой з краінаў свету, і фільмы, знятыя любымі рэжысёрамі на беларускіх кінастудыях.

Адлік беларускага кіно традыцыйна вядзецца з 17 снежня 1924 года, калі была створаная кінастудыя «Белдзяржкіно» (сёння «Беларусьфільм»).