Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) правяла другую сесію пітчынгу на Еўрапейскім кінарынку (EFM) Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. Дзесяць поўнаметражных праектаў беларускіх аўтараў былі прэзентаваныя міжнароднай прафесійнай супольнасці ў Martin Gropius Bau у Берліне 15 лютага 2025 года.
Удзельнікі атрымалі магчымасць прэзентаваць праекты ў распрацоўцы, наладзіць кантакты з патэнцыйнымі партнёрамі і атрымаць каштоўны водгук. Як і летась, рыхтаванне да пітчынґу адбывалася пад кіраўніцтвам ментараў Леэны Пасанэн і Стэфана Тэальдзі.
Адзін з выбраных удзельнікаў – беларускі рэжысёр Арцём Лобач, аўтар дакументальнага праекту Lithuania Minor – атрымаў спецыяльны прыз пасля падзеі: запрашэнне да ўдзелу ў East-West Talent Lab у межах 25-га кінафестывалю goEast у Вісбадэне.
Акрамя пітчынгу, BIFA прэзентавала ўласны стэнд на EFM у гатэлі Marriott – важную пляцоўку для бачнасці, нэтўоркінгу і беспасярэдняга абмену з міжнароднаю кінасупольнасцю. Мы плануем працягваць нашую прысутнасць на гэтай ключавой індустрыйнай падзеі і ў 2026 годзе.
BIFA віншуе ўсіх аўтараў, якія ўзялі ўдзел у пітчынгу, і будзе пільна сачыць за далейшым развіццём іхных праектаў.
Удзел BIFA ў EFM адбыўся пры падтрыманні фонду Trzy Trąby, інстытуцыяў Goethe-Institut і German Films.