Беларуская незалежная кінаакадэмія запрашае аўтараў дасылаць праекты поўнаметражных фільмаў на розных стадыях працы ў якасці заявак на ўдзел у прэзентацыі, якую кінаакадэмія ладзіць на Еўрапейскім кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. Івэнт адбудзецца ў лютым 2026 года. З дасланых заявак да ўдзелу будуць адабраныя ад пяці да сямі праектаў.
Гэта будзе ўжо чацвёрты запар Еўрапейскі кінарынак «Берлінале», дзе прэзентуюцца кінапраекты незалежных беларускіх фільмэйкераў у пошуку партнёраў і фінансавання. Мэта BIFA – сабраць праекты ігравых, дакументальных, анімацыйных поўнаметражных фільмаў, якія паводле фармату і амбіцыяў маюць на мэце развіццё ў міжнароднай кінаіндустрыі ды патрабуюць для гэтага падтрымання. Таксама могуць разглядацца праекты гібрыдных жанраў. Праекты, якія ўжо ўдзельнічалі ў зладжаных BIFA прэзентацыях, могуць далучацца паўторна, калі знаходзяцца на наступным этапе распрацоўкі.
Апроч падтрымкі ў мэтаскіраванай працы па пошуку партнёраў падзея на кінарынку «Берлінале» закліканая дапамагчы фільммэйкерам лепш арыентавацца ў еўрапейскай кінаіндустрыі і на буйных міжнародных кінапляцоўках.
Упершыню такая імпрэза адбылася на EFM у 2023 годзе, калі былі прэзентаваныя дзесяць праектаў беларускіх фільммэйкераў разам з новастворанаю Беларускаю незалежнаю кінаакадэміяй. Пасля беларускія кінапраекты ў працы прэзентуюцца на Еўрапейскім кінарынку штогод. Свае ідэі на падзеях BIFA прэзентавалі такія рэжысёры і рэжысёркі, як Мара Тамковіч, Аляксей Палуян, Дар’я Жук, Андрэй Куціла, Саша Кулак ды іншыя.
Каб падаць заяўку на ўдзел у пітчынгу, трэба
да 1 снежня запоўніць
адмысловую форму адначасова па-беларуску і па-англійску.