Навіны
БЕЛАРУСКІЯ НЕЗАЛЕЖНЫЯ ФІЛЬММЭЙКЕРЫ ПРЭЗЕНТУЮЦЬ НОВЫЯ ПРАЕКТЫ НА EFM 2026
4 лют 2026
На пляцоўцы Еўрапейскага кінарынку (European Film Market) 76-га Берлінскага міжнароднага кінафестывалю адбудзецца пітчынґ шасці новых кінапраектаў незалежных беларускіх кінематаграфістаў. Захаду, якая ўжо сталася штогадоваю на EFM, арганізуе Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA).

Пітчынґ адбудзецца 14 лютага а 12:00 у CinemaxX Lounge. Тут прадстаўнікам міжнароднай кінаіндустрыі прэзентуюць 3 ігравыя і 3 дакументальныя праекты беларускіх аўтараў. Захада адкрытая і не патрабуе маркет-акрэдытацыі.

У прэзентацыі бяруць удзел праекты на розных стадыях распрацоўкі, што застаюцца ў пошуку прадзюсараў, партнёраў і фінансавання.

Адабраныя праекты:
«На пару слоў» – Сяргей Кавалёў (Беларусь),
«Міс Усходу» – Яна Шостак (Польшча),
«Рыжая Вавёрка» – ананімная аўтарка і Ульяна Шаргаева (Польшча),
«Купальская ноч» – Ліза Чаканава (Чэхія),
«Ад сэрца да сонца» – Андрэй Кашперскі (Польшча).


Адзін кінапраект застаецца ананімным у публічнай камунікацыі. Як і ў папярэднія гады, удзельнікі рыхтаваліся да пітчынґу разам з ментарамі – міжнароднымі кінаэкспертамі Леэнай Пасанэн і Стэфана Тэальдзі.

Разам з пітчынґам Беларуская незалежная кінаакадэмія традыцыйна арганізуе на Еўрапейскім кінарынку свой стэнд. Наведнікі змогуць сустрэцца з камандаю BIFA і аўтарамі праектаў у Marriott Hotel, стэнд № 131, дзе на працягу працы EFM з 12 да 18 лютага будуць адбывацца прафесійныя сустрэчы і нэтўоркінг-актыўнасці.

Беларуская незалежная кінаакадэмія была заснаваная ў 2022 годзе як няўрадавая арганізацыя ў выгнанні з мэтай аб’яднання і падтрымання незалежных беларускіх кінематаграфістаў. Дзейнасць Акадэміі на міжнародных кінарынках і фестывалях скіраваная на прасоўванне беларускага кіно, прафесійнае развіццё аўтараў і стварэнне магчымасцяў для міжнароднай супрацы.

Удзел BIFA у Еўрапейскім кінарынку стаўся магчымы дзякуючы падтрыманню Нямецкага фонду Маршала (GMF) і Польскага інстытуту ў Берліне.